ША́ХМАТНА-ША́ШАЧНЫ КЛУБ Беларусі
(з 1997 Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках Мін-ва спорту і турызму Беларусі),
дзяржаўная спецыялізаваная вучэбна-спарт. ўстанова. У 1997 аб’яднаны з рэсп. спецыялізаванай школай алімп. рэзерву (Мінск). Будынак цэнтра (да 1985 «Палац шахмат») рэканструяваны ў 1985 (арх. рэканструкцыі — С.Б.Неўмывакін). Асн. змест дзейнасці цэнтра — папулярызацыя і арганізац.-метадычнае забеспячэнне развіцця шахмат і шашак на Беларусі, падрыхтоўка спартсменаў, спартсменаў-інструктараў нац. каманд Беларусі па шахматах і шашках, арганізацыя і правядзенне спарт. мерапрыемстваў і спаборніцтваў, наладжванне міжнар. спарт. сувязей. Цэнтр (2003) мае аддзяленні шахмат і шашак, у 21 групе займаюцца 194 вучні. Сярод выпускнікоў аддз. шахмат — шматразовыя чэмпіёны Беларусі міжнар. гросмайстры С.Азараў, А.Аляксандраў, Г.Лагвілава, І.Раманава, міжнар. майстры А.Жыгалка, Н.Папова, І.Цяценькіна і інш.; шашак — чэмпіён свету А.Гантварг, віцэ-чэмпіёнка свету І.Пашкевіч, міжнар. гросмайстры А.Булатаў, А.Валюк, міжнар. майстры В.Варушыла, В.Садоўская і інш. Пры цэнтры дзейнічае (2003) клуб аматараў шахмат «Ладдзя».
Г.Н.Бугрым.
т. 17, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)